Мы – праўнукі Перамогі
Нам не забыць ні хат, ні нават траў,
Што супастатам спалены, стаптаны.
Благаславенне тым, хто ў бітве паў
За край, што для жыцця адваяваны.
А. Астрэйка
Мінулае… Яно ніколі не праходзіць бясследна. Асабліва, калі гэта - вайна. Як многа гора і жудасці хаваецца ў гэтым слове. Яна пакінулакрывавы след у гісторыі нашага народа і чалавечых лёсах. Бяда не абышланават тых, хто вярнуўся з фронту. Яна пакінула след на кожным пакаленні. Памяць вайны… Гэта боль перажытага народам за доўгія 1418 дзён, гэта страты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць, цяжкія дарогі выпрабаванняў.
Кожны год наша краіна адзначае чарговую мірную вясну, але час, франтавыя раны і хваробы няўмольныя. Са ста пераможцаў у жывых засталося толькі двое. І гэтая сумная статыстыка прымушае нас , усіх тых, хто нарадзіўся пасля перамогі, з асаблівай пашанай, клопатам і ўвагай ставіцца да кожнага ветэрэна Вялікай Айчыннай вайны. Кожны год у гэтыя дні аб’яўляецца хвіліна маўчання, тройчы гучаць залпы ваеннага салюту, і ўсе мы ў гэтую хвіліну думаем пра сваё, а па сутнасці – пра адно і тое ж: у думках успамінаем сваіх дзядоў і прадзедаў, якія на палях бітваў аддалі сваё жыццё дзеля перамогі.
З першых хвілін вайны мільёны людзей узяліся за зброю. Людзі не задумваліся, што рызыкуюць сваім жыццём. Яны проста аддана ішлі абараняць сваю зямлю, сваю Радзіму. Наш народ стаяў на смерць, каб вораг не захапіў нашу краіну. На фронце, у партызанскіх атрадах і падполлі людзі змагаліся супраць нямецкіх акупантаў. Яны не думалі пра подзвігі, а толькі хацелі абараніць свой родны край ад фашыстаў, каб іх дзеці, унукі і праўнукі жылі вольна і ў міры.
Варта адзначыць, што старэйшае пакаленне да Дня Перамогі ставіцца больш трапятліва, чым мы. Яно і зразумела, бо нашы бабулі і дзядулі страцілі на гэтай вайне сваіх бацькоў і блізкіх. У іх да гэтага часу баліць сэрца.
Я і мае аднагодкі ведаем пра вайну толькі з прачытаных кніжак, з прагледжаных кінастужак, з аповедаў сваіх дзядоў і бабуль.
Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але дзявятае Мая назаўжды застанецца для нас вялікім святам– знакам нацыянальнага гонару, вайсковай славы, доблесці і бязмежнай любові да Радзімы. Гэта тое, што нас аб’ядноўвае, робіць мацней, натхняе на новыя здзяйсненні, прымушае пераадольваць цяжкасці і рухацца наперад.
Няхай жа памяць аб кожным салдаце жыве вечна ў нашых душах, а кожны Дзень Перамогі назаўжды застанецца вялікім днём! Кожны чалавек абавязаны захаваць памяць аб мінулых гадах вайны. Мы ганарымся бессмяротнымі подзвігамі нашых дзядоў і прадзедаў, якія прадвызначылі будучыню наступных пакаленняў, далі нам магчымасць ствараць і рухацца наперад.
Мыпраўнукі Перамогі. Узіраючыся ў вочы ветэранаў, якія яшчэ жывуць побач з намі, разумеем, якая адказнасць ляжыць на нас–маладым пакаленні краіны, якое павінна не толькі шанаваць памяць аб загінуўшых, але і быць дастойнымі праўнукамі Вялікай Перамогі ва ўсіх нашых справах.
Абаронцы ўсяе Беларусі падаравалі нам светлае і чыстае неба над галавой, яснае сонейка, а галоўнае – спакойнае і мірнае жыццё. Ветэраны– прыклад для маладога пакалення, наша надзейная падрымка і духоўная апора. Нізкі паклон удзельнікам вайны, якіх засталося зусім мала! Пакуль б’юцца нашы сэрцы, мы будзем помніць пра іх подзвіг.
раскрыть » / « свернуть