Сётры Хатыні
Псышчава, Вартыцк, Упірава – невялікія вёскі ў Іванаўскім раёне значацца ў сумным хатынскім спісе. Яны адрадзіліся і прадаўжаюць жыць.
…На досвітку11 чэрвеня 1943 года Псышчава і Вартыцк акружылі фашысты. Пачалі збіраць насельніцтва для вывазу ў Германію, а пабудовы паліць. Тых, хто спрабаваў уцячы забівалі.
ПСЫШАВА
Успамінаюць сведкі гэтых жудасных падзей.
Андрэй Лаўрысюк:
– Калі пачалася “экзекуцыя”, я схаваўся ў лёх сваёй хаты, якая стаяла ў метрах пяцідзесяці ад вуліцы, але раз’юшанае полымя прымусіла пакінуць гэтае сховішча. Калі наша хата загарэлася, каб не задыхнуцца ад дыму, мне ўдалося выбавіцца адтуль і перачакаць, пакуль немцы і паліцаі пайшлі далей. Толькі тады я схаваўся ў лёху суседа, дзе праляжаў да самай цемры, а потым пайшоў за Упірава ва ўрочышча Пагоня, дзе сабраліся цудам уцалеўшыя псышчаўцы, а таксама жыхары навакольных вёсак.
Жывой застацца (акрамя збегшых) пашчасціла і Марыі Лаўрысюк з двумя дзецьмі, якіх муж схаваў у бульбяной яме, засыпаўшы зверху смеццем ды гноем. Толькі на другія суткі адважылася жанчына выйсці з гэтага сховішча.
Яшчэ два разы дапальвалі фашысты вёску, забівалі і катавалі людзей. Пасля спальвання вёска не далічылася 65 чалавек, спалена 113 двароў.
ТРАГЕДЫЯ Ў ВЁСЦЫ ВАРТЫЦК
Вартыцк перажыў тры расстрэлы і адно спальванне.
Першая трагедыя адбылася 15 снежня 1941 года. Фашысты схапілі родных актывістаў калгаснага руху. Жонак, братоў, сясцёр, бацькоў, мацярок адправілі ў Іванава. Ніхто цяпер не раскажа, якія здзекі давялося ім вытрымаць, бо дахаты яны не вярнуліся: усіх (каля 30 чалавек) гітлераўцы расстралялі непадалёку ад вёскі Агова. Пасля вайны астанкі ўсіх расстраляных пад Аговам былі перазахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Пнюхі. Над ёю пастаўлены помнік.
Другі расстрэл быў паказальным. На пустку сярод вёскі сагналі ўсіх яе жыхароў. Туды прывялі шэсць вяскоўцаў, якіх падазравалі ў сувязях з партызанамі. На вачах у суседзяў, жонак, дзяцей фашысты зверскі забілі жыхароў Вартыцка: П.Карповіча, М.Новіка, П.Сянюту, Л.Калачука, І.Мінзера. Кругом стаяў енк, стогн, плач. Ахвяр пахавалі без трун у брацкай магіле пасярод пусткі, паставіўшы вялікі дубовы крыж. Да 25-годдзя Вялікай Перамогі жыхары вёскі і родзічы загінуўшых перазахавалі іх астанкі бліжэй да дарогі і ўстанавілі бетонны помнік.
І самай страшнай трагедыяй для Вартыцка стаў дзень 11 чэрвеня 1943 года.
Успаміны сведак падзей.
Васіль Мікалаевіч Пернач:
– Па ўспамінах тых, хто памятае той світанак, ноч выдалася цёплая і туманная. Людзі прачыналіся ад шуму машын, галасоў гучнагаварыцеляў, стрэлаў, крыкаў немцаў. карнікі загадвалі браць з сабою толькі неабходныя рэчы, прадукты харчавання і выходзіць або выязджаць на падводах у канец вёскі для адпраўкі “нах Дойчлянд”. Нікому з маіх землякоў у хвалёны “Фатэрлянд” не хацелася, бо многія варачане, у тым ліку і мой бацька, ужо цэлы год былі там на катаржных работах. Ад іх зрэдку прыходзілі пісьмы, у якіх яны іншасказальна казалі праўду пра свій лёс. Маладыя і здаровыя людзі стараліся з усіх сіл вырвацца з аточанай вёскі. Некаторым, дзякуючы густому туману, гэта ўдалося. Але многім не пашанцавала. Так, Марыя Мікалаеўна Бязсілка, схапіўшы пяцігадовую дачушку Надзю, кінулася ўцякаць. Фашыст, заўважыўшы іх, адкрыў агонь і забіў маладую, прыгожую дваццацічатырохгадовую жанчыну. А яе маленькая дачка сядзела каля мёртвай маці, тармашыла яе, плакала і прасіла падняцца… Загінула яшчэ некалькі чалавек, якія наткнуліся на немцаў-ахоўнікаў.
Некаторыя вяскоўцы стараліся схавацца, не ведаючы, што ўсе пабудовы будуць спалены. Наша суседка Ганна Каленікаўна Барычэўская і яе трохгадовы сын Васілёк залезлі ў склеп пад падлогай і задыхнуліся ад дыму, калі запалаў дом… Жывымі немцы спалілі ў той ранак Кузьму Фаміча Новіка, яго жонку Таццяну Іосіфаўну, Івана Міхайлавіча Міхнаўца і Марфу Фамінічну Пернач.
…Калі жалобны абоз пачаў выходзіць з вёскі, запалалі першыя дамы. Фашыстам з факеламі падпаліць саламяныя дахі хат і хлявоў асаблівай цяжкасці не складала. Калі людзі падыходзілі да пнюхінскіх могілак, з горкі перад імі адкрылася страшнае відовішча. Туман да таго часу рассеяўся, ранак быў цёплы і сонечны, а над вёскай да неба ўзнімаўся такі страшны дым і полымя, што ўсіх ахапіў жах. Пачуліся плач і крыкі жанчын і дзяцей, мужчыны выціралі выступіўшыя слёзы.
Пасля знішчэння вёскі ўцалела некалькі хат і хлявоў, але праз некаторы час фашысты прыехалі зноў і спалілі іх таксама.
Усяго загінулі 82 жыхары Вартыцка, спалілі ўсе 108 сядзіб.
Настасся Захараўна Голік:
– Адна дзяўчына з вёскі ў апошні момант схавалася пад вялікія драўляныя начоўкі ля калодзжа. Так і праляжала, пакуль стралялі ды палілі. Вылезла, калі карнікі з’ехалі, усё сціхла. Людзі спачатку не зразумелі, чаму яна дзіўна паводзіць сябе, а потым стала відавочна, што няшчасная не ў сваім розуме. Яна хутка ссівела, а потым некуды сышла, больш яе ніхто не бачыў…
Было страшна, калі ў спаленую вёску вярнуліся з лесу каровы, коні, свінні, сабакі. Яны бегалі вакол печаў, што тырчалі з попелу, і раўлі на ўсе галасы. Гэта жудасная карціна…
Надзея Крывецкая:
– Мне было тады 15 гадоў. Мы жылі ў Вартыцку, але мелі свій хутар. І былі тады ўсёй сям’ёй на хутары. Калі пачулі стральбу і ўбачылі дым, бацька запрог каня, пасадзіў усіх і павёз углыб лесу. Там ужо хаваліся іншыя людзі. Бацька зрабіў шалаш з галін дрэў. Туды паклалі дзяцей, а дарослыя начавалі пад возам. Так мы перажылі страшныя дні.
Валянціна Козел:
– Помню, як мы, дзеці – я, мая сястра Вольга, брат Сяргей – беглі, хутчэй за ўсё да лесу. Па нас пачалі страляць. Вользе прастрэлілі пазногці на руках, а ёй здавалася, што яе б’юць пугай па пальцах, яна крычала. А брат доўга не змог бегчы, стаміўся і прылёг пад кустом. Нас дагнаў паліцай і выстраліў Сярожу ў жывот… А перад гэтым брат устаў ранкам і расказаў сон: ён прысніў, што яго расстралялі…
УПІРАВА
Вёска была спалена 19 чэрвеня 1943 года. Загінулі 83 жыхары, спалілі 135 двароў.
раскрыть » / « свернуть